ВІЛЕ́ЙСКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ , помнік архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1906—13 у г. Вілейка Мінскай вобл. паводле праекта арх. А.Клейна. Спалучае рысы раманскай і гатычнай архітэктуры. Мураваная 3-нефавая базіліка з развітым трансептам, тарцы якога завершаны высокімі трохвугольнымі франтонамі, і 5-граннай апсідай з асіметрычнымі прыбудовамі па баках. Дамінанта кампазіцыі — вежа. Яе 4 бакі завершаны трохвугольнымі шчытамі з круглымі і стральчатымі аконнымі праёмамі, вуглы фланкіраваны маленькімі ігольчатымі вежамі. У інтэр’еры — размалёўка пад мазаічныя арабескі. Іл. гл. да арт. Вілейка.
т. 4, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)